"Перамога. Гонар. Айчына." (Лунiнецкiя навiны выпуск №35(11460) от 13.05.2026г)

13 мая'26

photo_2026-05-09_12-31-15.jpg
1.png
2.png
photo_2026-05-09_12-31-24.jpg
4.png
3.png

Урачысты мітынг з нагоды 9 Мая пачаўся ў Мікашэвічах на плошчы перад Палацам культуры РУВП «Граніт». З цёплымі віншаваннямі выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кавалевіч, старшыня гарвыканкама Аляксандр Дзядовіч, сенатар і генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч, дырэктар ААТ «Спецжалезабетон» Анатоль Насеня, настаяцель храма Нараджэння Іаана Прадцечы Аляксандр Масяйчук, воін-інтэрнацыяналіст Леанід Жыбарт, вучаніца гімназіі імя У.І. Нядзведскага Дар’я Кунцэвіч.

Пасля афіцыйнай часткі і хвіліны маўчання гараджане і госці накіраваліся на плошчу Каржа да Брацкай магілы, дзе на пліце высечаны імёны воінаў-вызваліцеляў. Ганаровую варту тут неслі вучні СШ №2. У той момант, калі чырвоныя гваздзікі ляглі на граніт, над плошчай прагрымелі стрэлы мірных залпаў.

Свята паступова набірала размах. Гледачы з ахвотай слухалі канцэрт народнага духавога аркестра Баранавіцкага музычнага каледжа. Шматлікім аказаўся і лёгкаатлетычны забег «Марафон Перамогі». Удзел у ім бралі навучэнцы, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Цырымонію ўзнагароджвання правёў старшыня гарвыканкама Аляксандр Дзядовіч. У пераможцы і прызёры трапілі Софія Кузьміцкая (СШ №2), Дар’я Заступневіч, Іван Сыцэвіч і Уладзіслаў Якушэвіч (гімназія імя У.І. Нядзведскага), Ксенія Мальцава і Данііл Багук (СШ №1 імя А.У. Зайчанкі), Васіль Баган (РУВП «Граніт»), Мікалай Юнгай і Яўген Альховіч (ААТ «Спецжалезабетон»), Дар’я Ляўковіч (філіял №1 «Мікашэвіцкая бальніца»).

На пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра «Аміга» разгарнулася выстава ваеннай тэхнікі, а побач «дымiла» палявая кухня. Бліжэй да вечара на гарадскім стадыёне вялі барацьбу юныя футбалісты з ліку мясцовых навучэнцаў. Матч закончыўся з вынікам 2:1 на карысць гімназістаў і вучняў другой школы. Лепшыя ігракі ўдастоены памятных падарункаў.